У Баранавічах п'яная жанчына не стала размаўляць з даішнікамі і заснула ў аўто

У Баранавічах п'яная жанчына не стала размаўляць з даішнікамі і заснула ў аўто

Кур'ёзны інцыдэнт здарыўся ў Баранавічах каля другой гадзіны ночы 31 сакавіка. 

Увагу патруля ДАІ, як піша сайт брэсцкай абласной аўтаінпекцыі, звярнуў на сябе кіроўца аўтамабіля "БМВ Х5", які рухаўся неяк дзіўна. Інспектар даў знак кіроўцу спыніцца, што той адразу выканаў. 

Калі даішнік падыйшоў да аўтамабіля, то пабачыў, што за яго рулём знаходзіцца жанчына. Ён жэстам папрасіў адчыніць фортку, каб праверыць дакументы. Аднак кіроўца заблакавала дзверы аўтамабіля і перасела на пярэдняе пасажырскае сядзенне. Потым яна апусціла спінку сядзення і... заснула. 

Пасля 15 хвілінаў безвыніковага ўгаворвання інспектары ў прысутнасці панятых разбілі фортку насупраць месца кіроўцы і адчынілі дзверы аўто. Толькі тады жанчына пайшла на кантакт. 

Выявілася, што 45-гадовая жыхарка Баранавічаў ехала на аўто нецвярозай — у яе было 1,4 праміле алкаголю. Сама жанчына патлумачыла, што была ў гасцях, дзе напярэдадні выпіла "каля 200 грамаў гарэлкі".

На яе склалі адміністратыўныя пратаколы, аўтамабіль забралі на штраф стаянку. Паколькі кіроўца трапілася п'янай за рулём другі раз на працягу года, ёй пагражае крымінальная адказнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі