У Барысаўскім раёне пачалі браць грошы за ваду ў калодзежах

У Барысаўскім раёне пачалі браць грошы за ваду ў калодзежах

Жыхарам Барысаўскага раёна цяпер давядзецца плаціць за ваду з калодзежаў. "Барысаўводаканал" пачынае складаць дамовы з жыхарамі.

Выстаўляць рахунак будуць толькі за калодзежы, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства, а гэта ўсяго 566 штук. Калодзежы, якія знаходзяцца на прыватных падворках, застануцца бясплатнымі.

Разлічваць аплату за ваду будуць фактычна гэтак сама, як у кватэры без лічыльніка. Норма на аднаго чалавека — 30 літраў за суткі, па 2790 рублёў за кубічны метр. Атрымліваецца, што сям'я з чатырох чалавек будзе спажываць паводле нарматыву 3720 літраў, альбо 3,72 кубаметра за месяц. Гэта будзе каштаваць 10 400 рублёў.

За аплату жыхары раёна змогуць пакідаць заяўкі на чыстку калодзежаў і выказваць прэтэнзіі па якасці вады.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі сайту Naviny.by расказалі, што закон не абязвае браць плату за ваду, але і не забараняе. А такім чынам камунальнікі змогуць знізіць выдаткі на ўтрыманне калодзежаў.

"У барысаўскага "Водаканала" ёсць на балансе гэтыя шахтавыя калодзежы, ёсць нормы па іх утрыманні — колькі разоў іх трэба чысціць, фарбаваць і г.д. У рамках прапановы барысаўскі "Водаканал", я так разумею, прапануе грамадзянам заключыць дамову на ўтрыманне гэтых калодзежаў і, адпаведна, іх абслугоўваць", — распавёў начальнік упраўлення па працы са СМІ і зваротамі грамадзян Мінжылкамгаса Генадзь Аксціловіч.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі