У Беларусь праз мяжу нелегальна прыплылі маці і сын са Славеніі
Яны спадзяюцца тут знайсці лепшыя ўмовы жыцця.
Беларускую мяжу ўвечары 24 сакавіка нелегальна перайшлі маці і сын са Славеніі. Жанчыну сярэдняга веку і маладога чалавека затрымалі брэсцкія памежнікі ў Камянецкім раёне, перадае БЕЛТА.
Парушальнікі прыбылі з боку Польшчы. Іх затрымалі пры спробе пераадолець сігналізацыйны комплекс на беларускай тэрыторыі.
Выявілася, што маці і сын са Славеніі пераплылі цераз Заходні Буг на надзіманай лодцы з вёсламі. Памежнікі знайшлі яе недалёка ад месца затрымання. Пра парушальнікаў паведамілі польскім памежнікам. Тыя выявілі на сваёй тэрыторыі зачынены аўтамабіль "Сітраен", якім, верагодна, парушальнікі дабраліся да мяжы.
Пры сабе ў парушальнікаў былі навігатар, болей за 5000 еўра, 6 мабільнікаў з зарадкамі, сістэмны блок персанальнага камп'ютара, вадкакрышталёвы камп'ютарны манітор, асабістыя рэчы ў шасці пакетах.
Затрыманыя славенцы заявілі хадайніцтва аб прадастаўленні ім прытулку на тэрыторыі Беларусі.
Фота — onliner.by