У Беларусі адмянілі шэраг медыцынскіх паказнікаў для абортаў
А лекар цяпер можа адмовіць жанчыне ў перарыванні цяжарнасці, калі няма пагрозы яе здароўю.
У Беларусі законам “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, які набыў моц 27 снежня, дадзена права лекарам адмаўляцца ад правядзення аборту. З гэтага часу лекар можа адмовіцца ад правядзення штучнага перапынення цяжарнасці, пісьмова паведаміўшы пра гэта кіраўніку арганізацыі аховы здароўя. Пры гэтым адмова не павінна несці непасрэднай пагрозы жыццю або здароўю жанчыны.
Пасля атрымання пiсьмовага паведамлення кіраўнік арганізацыі павінен арганізаваць жанчыне правядзенне аборту іншым лекарам. Таксама арганізацыі аховы здароўя абавязаны ствараць умовы і забяспечваць правядзенне перадабортнага псіхалагічнага кансультавання жанчын.
Акрамя таго, вызначаныя абмежаванні для мужчынскай стэрылізацыі. Яна можа быць праведзена ў дачыненні да пацыента, старэйшага за 35 гадоў або маючага не менш за двух дзяцей, пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і пісьмовай згоды паўналетняга пацыента або яго законнага прадстаўніка — незалежна ад узросту і наяўнасці дзяцей. Стэрылізацыя праводзіцца пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў.
Таксама 27 снежня набылі моц пастановы Міністэрства аховы здароўя №88 і №89 ад 10 снежня, якія вызначаюць пералік медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў для правядзення стэрылізацыі і звужаюць пералік медыцынскіх паказанняў для штучнага перапынення цяжарнасці.
Так, больш не з’яўляюцца медыцынскімі паказаннямі для правядзення аборту сардэчныя заганы, зрокавыя засмучэнні і слепата — паніжэнне зроку на абодва вокі ніжэй 0,05 дыёптрый. Замест цукровага дыябету цяжкай формы гаворыцца пра цукровы дыябет класаў F, R, FR, T, а таксама аб стане клініка-метабалічнай дэкампенсацыі з першага трыместра цяжарнасці, піша krynitsa.info