У Беларусі больш за 3,5 тысячы кантактаў першага ўзроўню з хворымі COVID-19

У паліклініцы / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​
У паліклініцы / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

Па стане на пятніцу, 10 красавіка, у Беларусі пад наглядам знаходзіцца больш за 3,5 тысяч кантактаў першага ўзроўню з людзьмі, якія захварэлі COVID-19. Пра гэта ў суботу падчас прэс-брыфінгу экспертнай місіі СААЗ распавёў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.

"Гэта розныя тэрміны назірання, — патлумачыў міністр. — Нехта яго завяршае, хтосьці толькі быў выяўлены".

Каранік патлумачыў, што гаворка ідзе пра беларусаў, якія назіраюцца дома. Тых, хто знаходзіцца пад наглядам у шпіталях, цяпер выпісваюць для далейшых хатніх назіранняў.

"За суткі па Рэспубліцы Беларусь было выпісана 716 кантактаў першага ўзроўню, 124 — застаюцца пад наглядам", — сказаў Каранік.

Па словах міністра, на сёння ў нашай краіне існуе тры катэгорыі крыніц заражэння каранавірусам: завазныя выпадкі, кантакты першага ўзроўню (і іх зараз больш) і выпадкі захворвання без яўнага эпідачага.

"Гэта значыць, чалавек нікуды не выязджаў, не кантактаваў з інфікаваным пацыентам. Мы стараемся выявіць крыніцу інфекцыі, каб яе лакалізаваць ", — растлумачыў міністр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі