У Беларусі футбольнага трэнера асудзілі на 2 гады папраўчых работ
У Беларусі футбольнага трэнера асудзілі на 2 гады папраўчых работ з утрыманнем 25% заробку на карысць дзяржавы. Мікалай Рындзюк быў прызнаны вінаватым у дачы хабару кіраўніку судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола Андрэю Жукаву. Апошняга ў пачатку 2017 года асудзілі за хабарніцтва на 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Рындзюк быў галоўным трэнерам “Смаргоні”. Паводле матэрыялаў справы, ён даў 100 еўра Жукаву, каб той прызначыў “правільнага” суддзю на матч з “Оршай” у футбольным чэмпіянаце Беларусі ў першай лізе. “Прессбол” адзначае, што Мікалай Рындзюк праходзіў па справе Андрэя Жукава ў якасці аднаго з сведкаў. У адрозненне ад іншых ён судовага пераследу не пазбегнуў, бо пачаў супрацоўнічаць са следствам толькі пасля затрымання.
Суд не пабачыў у дзеяннях Рындзюка карыслівых матываў, таму не стаў пазбаўляць яго волі. Прысуд ужо набыў законную сілу. Футбольнаму спецыялісту пагражала пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.
Мікалаю Рындзюку 39 гадоў. У мінулым ён вядомы беларускі футбаліст, паспеў пагуляць у такіх клубах, як БАТЭ, мінскае “Дынама”, маскоўскі “Лакаматыў”. Быў гульцом нацыянальнай зборнай Беларусі. Трэнерскую кар’еру пачаў у 2015 годзе.