У Беларусі мітрапаліт Павел пачаў насіць клабук з крыжам Ефрасінні Полацкай
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел пачаў насіць клабук з крыжам Ефрасініі Полацкай. Шасціканцовы крыж можна заўважыць на галаве Патрыяршага экзарха падчас сёлетняга святкавання праваслаўных Каляд. Да гэтага кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы карыстаўся галаўным уборам са звычайным крыжам.
Кіраўнік інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай царквы протаіерэй Сяргей Лепін у каментары Еўрарадыё распавёў, што клабук з крыжам Ефрасінні Полацкай раз-пораз насіў яшчэ папярэднік Паўла — мітрапаліт Філарэт. Такім чынам, цяперашні мітрапаліт толькі пераняў традыцыю.
“Не тое каб гэта было недзе прапісана — што беларускі экзарх мусіць мець такі крыж, а не які іншы. Гэта проста адзін з магчымых варыянтаў. Прыемна, што мітрапаліт Павел, як і мітрапаліт Філарэт, выбраў для свайго клабука такі крыж. Калі такі галаўны ўбор з такім крыжам апране ўкраінскі мітрапаліт ці нейкі іншы, рускі, мітрапаліт, гэта будзе неяк незразумела. Але для нашай краіны, для нашай царквы гэта вельмі адэкватна і прыгожа”, — распавёў айцец Сергій.
Калі дакладна мітрапаліт Павел пачаў насіць клабук з шасціканечным крыжам, айцец Сергій прыгадаць не змог. Еўрарадыё адшукала здымак мітрапаліта з такім галаўным уборам, датаваны красавіком 2017 года.
Мітрапаліт Павел узначаліў Беларускую Праваслаўную Царкву ў канцы 2013 года. Па пашпарце ён грамадзянін Расіі. Да прызначэння ў Мінск займаў пасаду мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага.