У Беларусі назапасіліся сотні тысяч рэчдокаў з месцаў злачынстваў
У Беларусі за некалькі дзясяткаў гадоў назапасіліся сотні тысяч рэчавых доказаў з месцаў злачынстваў, якія не былі раскрытыя. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржкамітэта судовых экспертызаў Андрэй Швед. Паводле яго слоў, раней з гэтым "архівам" не было каму працаваць. Цяпер жа Дзяржкамітэт здолеў прааналізаваць і сістэматызаваць назапашанае, былі створаныя базы дадзеных.
"Мы гэтую працу правялі ў самыя кароткія тэрміны, — цытуе словы Шведа sb.by. — І сёння большасць злачынстваў мінулых гадоў раскрываюцца".
Старшыня Дзяржкамітэта судовых экспертызаў адзначыў, што праца ўжо выйшла на новы ўзровень — адбылася аўтаматызацыя працэсу, звязанага з апрацоўкай ДНК-дадзеных. Папярэдні вынік можна атрымаць на працягу некалькіх дзясяткаў хвілін.