У Беларусі не выключаюць пераводу дзяцей на дыстанцыйнае навучанне праз COVID

Беларускіх школьнікаў могуць перавесці на дыстанцыйнае навучанне праз COVID / З архіву БЕЛТА​
Беларускіх школьнікаў могуць перавесці на дыстанцыйнае навучанне праз COVID / З архіву БЕЛТА​

На наступным тыдні Міністэрства адукацыі плануе прэзентаваць нацыянальны электронны рэсурс, які дазваляе праводзіць школьныя заняткі ў дыстанцыйнай форме.

Гаворка ідзе пра платформу, якую так чакалі вясной падчас першай хвалі захворвання на COVID-19. У той момант у настаўнікаў і дзяцей быў толькі партал https://adu.by, дзе выкладзеныя падручнікі. Відэаўрокаў там практычна няма. У выніку афіцыйна дыстанцыйнае навучанне не ўводзілі, дазволілі бацькам не вадзіць дзяцей у школу. Тады напаўняльнасць у класах была каля 30-40%.

У другую хвалю захворвальнасць на COVID-19 яшчэ вышэйшая. Паводле звестак на 9 снежня, зноў выяўлена больш за 1850 новых выпадкаў.  Таму гэтым разам, мяркуючы па ўсім, разглядаецца варыянт пераводу школьнікаў на дыстанцыйнае навучанне.

"Прагнозы медыкаў што да эпідэмічнай абстаноўкі ў свеце пакуль несуцяшальныя. Таму цалкам імаверна, што адукацыйная платформа спатрэбіцца школьнікам ўжо ў трэцяй чвэрці. Менавіта з прыцэлам на яе і ствараюць кантэнт педагогі і эксперты", — сцвярджае агенцтва "Мінск-Навіны", расказваючы пра новую адукацыйную платформу.

На ёй плануецца размясціць сотні відэаўрокам. Прычым у першую чаргу ў базу запампоўваюцца матэрыялы для трэцяй чвэрці. Працягласць урока для малодшых класаў будзе 5-7 хвілін, для 5-8  — 10-12 хвілін, для 9-11 — 15-17 хвілін.

"Падчас прагляду вучню неабходна будзе ставіць ролік на паўзу, выконваць пэўныя заданні, а затым зноў яго запускаць. Напрыклад, будуць гучаць заклікі адкрыць сшытак, рашыць прыклад, і толькі пасля гэтага можна даведацца правільны адказ і параўнаць са сваім вынікам", — расказала пра тое, як гэта будзе працаваць, намесніца дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская.

Да ўрока будзе прыкладацца тэставае заданне. Акрамя таго мяркуецца, што з дапамогай платформы настаўнікі змогуць праводзіць і анлайн-урокі па прынцыпе відэаканферэнцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі