У Беларусі пачалі судзіць расійскага гандбаліста
У Беларусі пачалі судзіць расійскага гандбаліста Аляксандра Сініцына, ён застаецца за кратамі. Спартсмена абвінавачваюць у хуліганстве. Судовае рашэнне па яго справе чакаецца ў другой дэкадзе верасня, паведамляе Федэрацыя гандбола Расіі. Яе заява даволі стрыманая. Федэрацыя заклікае да вынясення рашэння "устрымацца ад любых публічных ацэнак і каментароў па гэтай справе, у тым ліку, і ў сацыяльных сетках, якія могуць быць расцэненыя як ціск на следства і суд, і пагоршыць становішча Аляксандра Сініцына". У заяве адзначаецца, што ў Маскве вераць "у аб'ектыўнасць беларускіх праваахоўных органаў" і спадзяюцца на вынясенне "справядлівага рашэння з улікам усіх абставін справы".
Сініцын прыехаў у нашу краіну на зборы разам з клубам "Данскія казакі" (Таганрог). Яго затрымалі 10 жніўня ў Брэсце за бойку ў караоке-клубе. Была распачата крымінальная справа. Пацярпелым па ёй праходзіць беларус.
Дырэктар расійскага клуба і сястра спартсмена ў жніўні заявілі, што менавіта мясцовы жыхар справакаваў бойку. Нібыта, Аляксандр Сініцын пачуў ад беларуса "Вы, рускія, ідзіце адсюль", і нанёс удар. "Данскія казакі" назвалі сітуацыю "правакацыяй". Клуб спадзяваўся, што яе ўдасца вырашыць, бо Беларусь — "сяброўская краіна", і Сініцына "датэрмінова вызваляць". Аднак справа дайшла да суда, першае пасяджэнне прайшло 31 жніўня. Цяпер Федэрацыя гандбола РФ заклікала гандбалістаў у будучыні пры наведванні замежных краін для гульняў ці трэніровачных збораў "няўхільна выконваць мясцовае заканадаўства і з павагай ставіцца да нацыянальных традыцый гэтых краін".
Аляксандру Сініцыну 25 гадоў. Ён — выхаванец санкт-пецярбургскага гандбола. У растоўскі клуб гэтым летам перайшоў з клуба з Чэхава (Маскоўская вобласць), у складзе якога двойчы станавіўся чэмпіёнам Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.