У Беларусі пачнуць спаганяць падатак з працэнтаў па банкаўскіх укладах

У Беларусі пачнуць спаганяць падатак з працэнтаў па банкаўскіх укладах

У Беларусі з 1 красавіка пачнуць спаганяць падатак з працэнтаў па банкаўскіх укладах. Гэта датычыць новых кароткатэрміновых рублёвых і валютных укладаў насельніцтва. Падаходны падатак складзе 13%.

Пад падаткаабкладанне трапляюць даходы па новых валютных укладах з тэрмінам размяшчэння менш за 2 гады, а таксама адсоткі па рублёвых дэпазітах з тэрмінам размяшчэння менш за год. Гэта прадугледжана дэкрэтам кіраўніка дзяржавы № 7, які быў прыняты ў лістападзе 2015-га. Тады банкаўскія ўклады былі падзеленыя на два віды — адзыўныя (з правам датэрмінова забраць грашовыя сродкі) і безадзыўныя (тэрміновыя ўклады, уладальнікі якіх не маюць права забіраць грошы да заканчэння тэрміну іх размяшчэння).

Да прыняцця згаданага дэкрэта максімальная працэнтная стаўка па рублёвых укладах насельніцтва складала 30% гадавых, па валютных — 5% гадавых. Калі ж ён пачаў дзейнічаць, беларускія банкі знізілі даходнасць па адзыўных рублёвых укладах да 20-25% гадавых, па валютных адзыўных — да 4%.

БелаПАН адзначае, што пасля таго, як дэкрэт № 7 пачаў дзейнічаць, назіраецца паступовае зніжэнне тэрміновых укладаў насельніцтва. З лістапада 2015-га да лютага 2016 года іх аб'ём знізіўся амаль на 300 мільёнаў долараў. На 1 сакавіка яны складалі 7,55 млрд долараў. Што да рублёвых укладаў, дык іх скарачэнне ў Беларусі назіраецца з сярэдзіны мінулага года. На 1 чэрвеня 2015-га яны складалі 35 трлн рублёў, а на 1 сакавіка 2016-га — 24,3 трлн рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі