У Беларусі праходзіць галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў

У Беларусі праходзіць галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў

11 верасня ў Беларусі праходзіць галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. На 110 дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць 485 кандыдатаў. Першапачаткова быў зарэгістраваны 521 кандыдат, пазней яшчэ чацвёра дамагліся рэгістрацыі. У перыяд перадвыбарчай агітацыі 39 зарэгістраваных кандыдатаў па ўласнай ініцыятыве зняліся з парламенцкай гонкі, яшчэ аднаму адмянілі рэгістрацыю, бо ён не жадаў сыходзіць у адпачынак на перыяд выбараў.

На выбары вылучаныя кандыдаты ад працоўных калектываў, шляхам збору подпісаў, а таксама ад палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Сёлета за месцы ў парламент змагаюцца прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, руху “За Свабоду”, Партыі БНФ, “Справядлівага свету”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Ліберальна-дэмакратычнай партыі, кампаніі “Гавары праўду”, Камуністычнай партыі Беларусі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Беларускай патрыятычнай партыі, а таксама прадстаўнікі праўладных арганізацый.

У 8.00 адчыніліся выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне. Як звычайна, яны будуць працаваць да 20.00, пасля чаго зачыняцца і выбарчыя камісіі пачнуць падлік галасоў. На шэрагу закрытых участкаў для галасавання (у вайсковых частках, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, лякарнях і інш.) участковыя камісіі могуць абвясціць галасаванне скончаным раней за 20.00, калі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спісы.

Датэрміновае галасаванне праходзіла з 6 па 10 верасня.

У галасаванні могуць прыняць удзел дзеяздольныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 год і якія не знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі па рашэнні суда ці пад вартай.

Выбары прызнаюць адбытымі, калі ў галасаванні прыме ўдзел болей за палову выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, якія маюць права голасу. Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў. Калі ў акрузе застаўся адзін кандыдат, то яму трэба набраць болей за палову галасоў выбаршчыкаў, каб лічыцца абраным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі