У Беларусі пройдуць выпускныя — з падачы Лукашэнкі "без лімузінаў і рэстаранаў"
Выпускны
У беларускіх школах 14 чэрвеня пройдуць выпускныя вечарыны. Чыноўнікі загадзя папярэдзілі, што вялікіх урачыстасцей не дапусцяць. Пачалося ўсё з падачы Аляксандра Лукашэнкі, у якога падчас паездкі ў рэгіёны спыталі, як ён ставіцца да вялікіх свят, якія імкнуцца зладзіць для выпускнікоў бацькі. Лукашэнка сказаў, што ён супраць лімузінаў і рэстаранаў.
"Стаўлюся вельмі негатыўна. Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, - кампаніяй, калектывам. Паскачуць, патанчаць і сустрэнуць світанак", — прапанаваў тады свой варыянт правядзення школьнага выпускнога Лукашэнка.
У канцы траўня чыноўнікі з міністэрства адукацыі заявілі, што правядзенне школьных выпускных у кафэ і рэстаранах забаронена. Можна толькі "у памяшканнях устаноў адукацыі", гэта значыць школах. "У выключных выпадках урачыстасці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры або ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Магчыма арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі", — заявіла тады кансультант Мінадукацыі Таццяна Асмалоўская.
А ў МУС учора папярэдзілі, што маюць намер дзяжурыць "у школах і на прылеглых тэрыторыях". Нецвярозых на свята не пусцяць. Кантраляваць будуць таксама паркі, скверы, набярэжныя. Сілавікі нагадалі, што за распіццё алкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы і нават за з'яўленне там у нецвярозым стане прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.