Без дыджэяў, але з "ідэалагічнай асновай" — Мінгарвыканкам пра выпускныя

Выпускныя рэкамендавана праводзіць у будынках школ

Выпускныя рэкамендавана праводзіць у будынках школ / minsknews.by

У сцэнарах выпускных вечароў, якія сёлета пройдуць у мінскіх школах, павінна быць "ідэалагічная аснова", заявіў у інтэрв'ю агенцтву "Мінск-Навіны" старшыня камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. Мінскія ўлады сфармулявалі рэкамендацыі для школ па правядзенні апошняга званка і выпускных.

"Такія тэмы, як 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, год якасці знойдуць сваё адлюстраванне ў свяце", — кажа чыноўнік. А вось лімузінаў і запрошаных гасцей не будзе. Па словах Стрыгельскага, "аб якіх-небудзь канкрэтных забаронах у правядзенні свята гаворкі не ідзе", але ёсць рэкамендацыі. І, па звестках чыноўніка, на дазены момант, а школы ўжо рыхтуюцца да правядзення выпускных, "ніякіх лімузінаў ніхто не плануе". Хоць бацькі і праяўлялі ініцыятыву.

"Наша задача — не дапусціць неабгрунтаваных збораў грашовых сродкаў на правядзенне выпускных вечароў. Гэтыя рэчы кантралююцца кіраўніцтвам школ, праводзіцца адпаведная праца з бацькоўскім, апякунскім камітэтамі", — распавёў Стрыгельскі. Прыцягваць артыстаў і дыджэяў, на яго думку, не трэба, таму што "яны не ведаюць ні традыцый школы, ні дзяцей, ні педагогаў" і "не змогуць стварыць душэўную, цёплую атмасферу". Чыноўнік таксама перакананы, што выпускныя павінны праходзіць у школах. У выключных выпадках — ва "установах культуры або дадатковай адукацыі".

"І гэта ні якім чынам не забаўляльныя ўстановы — ні рэстараны, ні кафэ", — наставиает Стригельский. У выніку, выпускны мінскай гімназіі № 36 пройдзе ў Нацыянальнай школе прыгажосці, гімназіі № 10 — у Палацы Рэспублікі, а гімназіі № 42 — у Доме Масквы. Апошні званок для выпускнікоў празвініць 25 мая. А выпускныя пройдуць 14 чэрвеня.

Нагадаем, на мінулым тыдні падчас паездкі ў Гомельскую вобласць Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў лімузіны на выпускных. Пра гэта ў яго спытала адна з мясцовых жыхарак. "Стаўлюся вельмі негатыўна. Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі узяўшыся, – кампаніяй, калектывам. Патанцуюць і сустрэнуць світанак", — прапанаваў свой варыянт правядзення школьнага выпускнога Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі