У Беларусі створаны Савет па развіцці лічбавай эканомікі
Савет па развіцці лічбавай эканомікі створаны ў Беларусі, інфармуе БЕЛТА. Стварэнне такой структуры прадугледжанае пастановай Савета міністраў №167 ад 28 лютага 2018 года.
Савет будзе каардынаваць дзяржаўную палітыку ў сферы лічбавай трансфармацыі эканомікі і развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Асноўнымі задачамі гэтай структуры будзе вызначэнне мэтаў і задач лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі; усталяванне прыярытэтаў укаранення лічбавых тэхналогій для вытворчых галін, сфер гандлю і паслуг, сацыяльнай сферы з улікам апошніх дасягненняў у сферы ІКТ і развіцця глабальнай лічбавай прасторы; фармаванне спрыяльнага прававога і рэгулятарнага асяроддзя для развіцця нацыянальнай лічбавай эканомікі.
Акрамя таго Савет зоймецца стымуляваннем пераходу да перадавых лічбавых тэхналогіяў у розных сферах эканомікі і грамадскіх адносін, стварэннем і развіццём сучаснай лічбавай інфраструктуры і стварэннем лічбавых платформаў рознага прызначэння, развіццём нацыянальнай індустрыі ІКТ. Таксама ў задачах новай структуры стаіць рэалізацыя інвестпраектаў і праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў галіне ІКТ і міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі.
Арганізацыйнае і інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці Савета будзе весці Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
Старшынёй новай структуры прызначаны прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, яго намеснікам — першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі.