У Беларусі ў тэатр могуць размеркаваць на заробак у 40 долараў

Еўрарадыё высвятляла, як абмінуць такую кабалу На сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з’явіліся новыя вакансіі на дзяржпрадпрыемствах культуры. Аклады ў доларавым эквіваленце б’юць усе магчымыя рэкорды. Адразу траіх маладых спецыялістаў чакаюць у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі, што знаходзіцца ў Бабруйску. У аддзеле кадраў тэатра карэспандэнту Еўрарадыё прапанавалі працу балетмайстрам — праўда, на паўстаўкі.   

Тэатр: “115 тысяч аклад” (каля 40 долараў ЗША — Еўрарадыё).
ЕРБ: “А колькі гэта трэба працаваць?”.
Тэатр: “Чатыры гадзіны. Сацпакетам не забяспечваем, жыллё не прапаноўваем”.

А вось на пасадзе мастака-пастаноўшчыка заробак нам прапанавалі больш раскошны.

Тэатр: “Тут стаўка 330 тысяч” (каля 117 долараў ЗША — Еўрарадыё).
ЕРБ: “І гэта поўны працоўны дзень?”.
Тэатр: “Так”.
ЕРБ: “Але чаму такі нізкі заробак?”.
Тэатр: “Ну, культура, бюджэтнікі”.

З грашовых вакансіяў у тэатры вольнае і месца артыста — аклад 315 тысяч (112 долараў).

Усе гэтыя працоўныя пазіцыі могуць заняць выпускнікі творчых спецыяльнасцяў дзяржаўных ВНУ. 

У інспектара аддзела кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мікалая Чміля мы спыталіся, як маладому спецыялісту пракарміць сям’ю, якое ёсць выйсце з сітуацыі. 

Мікалай Чміль: “Ніякага. Ёсць Палажэнне аб размеркаванні выпускнікоў, якія навучаліся за кошт сродкаў бюджэта. Усе яны павінны быць размеркаваны і абавязкова павінны адпрацаваць цягам двух гадоў. Зараз ёсць некалькі спраў, якія перададзеныя ў судовыя органы. Не адпрацавалі і адмовіліся выплачваць сродкі за навучанне — гэта 25-27 мільёнаў”.

Інспектар Чміль растлумачыў, што сітуацыя не такая кепская, і рэальны заробак можа быць у паўтары разы большы.

Мікалай Чміль: “Там жа ідуць розныя надбаўкі. А тыя спецыялісты, у якіх цяжкасці, маюць шанец атрымаць паўтары стаўкі”.

Супрацоўніца Камітэта па працы і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама (не будзем называць яе прозвішча) таксама не бачыць відавочнага выйсця з сітуацыі.

Супрацоўніца камітэта: “Калі шчыра, нічым не зможам дапамагчы. Размеркаванне ў нас мэтавае, таму адпрацаваць выпускнік павінен. Галоўнае, каб выходзіў мінімальны заробак. Сёння гэта каля 247 тысяч рублёў”.

Але калі мы разам разважылі, то знайшліся варыянты. Ад кабальнага размеркавання, на думку супрацоўніцы, можа выратаваць шлюб.

Супрацоўніца камітэта: “Адзінае — калі выпускнік знойдзе месца працы ў нейкай іншай арганізацыі, два прадпрыемствы паміж сабой дамовяцца аб пераразмеркаванні. Такія выпадкі здараюцца. Напрыклад, калі маладая пара ажэніцца, і адзін з маладых пераязджае ў іншае месца.І прадпрыемствы пачынаюць перапіску: так, нам патрэбны гэты супрацоўнік, так, мы не супраць яго вам аддаць. І вось так яны яго аддаюць”.

Таму, каб вашае жыццё падчас размеркавання не пераўтварылася ў паласу выжывання, шукайце сваё будучае месца працы загадзя, да размеркавання.

Гл. таксама па тэме: Пастухі зарабляюць больш за праграмістаў?


Фота — Bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі