У Беларусі вызначаны парадак рэгістрацыі гранічных адпускных цэн на лекі
Фота: financebg.com
У Беларусі змяніўся парадак рэгістрацыі гранічных адпускных цэн вытворцаў на лекі. Адпаведнае палажэнне зацверджанае пастановай Савета Міністраў №776 ад 31 кастрычнiка 2018 года і апублікаванае на pravo.by.
Дакумент прыняты ў мэтах выканання ўказа №345 ад 22 жніўня 2018 года "Аб рэгістрацыі цэн на лекавыя сродкі", каб удасканаліць рэгуляванне цэн на лекі, што рэалізуюцца ў Беларусі. Рэгістраваць гранічныя адпускныя цэны вытворцаў на лекавыя сродкі паводле пераліку ў дадатку да ўказа будзе Міністэрства аховы здароўя па ўзгадненні з МАРГ.
Гранічныя адпускныя цэны будуць рэгістравацца ў беларускіх рублях. Платы за рэгістрацыю не будзе. Перад рэгістрацыяй будзе праведзеная праверка паўнаты дакументаў і прадстаўленых у іх звестак. Гэтым зоймецца РУП "Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя" (цягам 5 рабочых дзён з дня падачы заявы аб рэгістрацыі гранічнай адпускной цаны вытворцы на лекавы сродак). Пасля гэтага цэнтр накіруе пакет дакументаў у Міністэрства аховы здароўя і МАРГ. Калі з'явяцца падставы, цэнтр можа адмовіць у прыняцці заявы аб рэгістрацыі.
У сваю чаргу, піша БЕЛТА, МАРГ цягам 10 рабочых дзён з дня атрымання дакументаў абавязаны правесці эканамічны аналіз прадстаўленай да рэгістрацыі гранічнай адпускной цаны вытворцы на лекавы сродак. Калі з'явіцца неабходнасць ва ўдакладненні звестак, якія ўтрымліваюцца ў прадстаўленых дакументах, а таксама атрыманні дадатковай інфармацыі, дзяржорганы ў межах іх кампетэнцыі, а таксама арганізацыі, якія працуюць у сферы абарачэння лекавых сродкаў, будуць павінныя падаць па запыце МАРГ неабходную дакументальна аформленую інфармацыю. Важна, што тэрмін разгляду дакументаў нельга павялічыць больш чым на 10 рабочых дзён.