У Беларусі яшчэ адзін выпадак кампенсацыі за галалёдную траўму

Галалёд у Беларусі

Галалёд у Беларусі / БЕЛТА

У Беларусі яшчэ адзін выпадак кампенсацыі за галалёдную траўму. На гэты раз у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці. Раней — у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці.

Іск жанчыны да "Мінскаблаўтадарбуда" разглядаў суд Барысаўскага раёна, заўважыла "Зеркало". У лютым 2024-га яна ўпала на абледзянелай абочыне дарогі і атрымала сур'ёзныя траўмы ног. Абочына была ў ямах, з-за якіх і адбыўся няшчасны выпадак, а прычынай іх з'яўлення сталі рамонтныя працы, праведзеныя ў снежні 2023-га згаданай арганізацыяй. Жыхарка Барысаўскага раёна была на бальнічным 120 дзён, перанесла дзве аперацыі, а трэцяя павінна адбыцца ў гэтым годзе.

Ад "Мінскаблаўтадарбуда" пацярпелая запатрабавала кампенсацыі матэрыяльнай шкоды — 3684 рублі, кампенсацыі маральнай шкоды — 10 тысяч рублёў. Прадстаўнік арганізацыі заявіў пра адсутнасць яе адказнасці за згаданы выпадак. Аднак суд прызнаў, што абочына з'яўляецца часткай дарогі, за стан якой адказвае "Мінскаблаўтадарбуд". Нездавальняючы стан абочыны быў пацверджаны доказамі.

Суд пастанавіў спагнаць з адказчыка 10 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, больш за 543 рублі — кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Як паведамляла Еўрарадыё, жыхарка Жыткавіцкага раёна ўпала на тратуары, які не быў апрацаваны ад наледзі камунальнікамі, і атрымала пераломы костак левай рукі са зрушэннем. Ёй зрабілі аперацыю, больш за два месяцы яна хадзіла ў гіпсе, пасля паўгода працягвалася рэабілітацыя. Суд, у які яна звярнулася, палічыў недаказаным атрыманне ёй траўмы з-за галалёдзіцы. Пракурор гэтае рашэнне апратэставаў, а судовая калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда пратэст задаволіла. З Жыткавіцкага райвыканкама на карысць пацярпелай спагналі 10000 рублёў.

Статыстыка сведчыць, што жыхары нашай краіны штогод атрымліваюць каля 700 тысяч траўмаў. З іх галалёдныя складаюць 20%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі