Жанчына дамаглася ад мясцовых уладаў кампенсацыі за галалёдную траўму

Жанчына атрымала траўму ў галалёд (ілюстрацыйнае фота)

Жанчына атрымала траўму ў галалёд (ілюстрацыйнае фота) / ТАСС

Жанчына дамаглася ад мясцовых уладаў кампенсацыі за галалёдную траўму. Здарылася гэта ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Як паведамляе пракуратура, амаль год таму жанчына ўпала на тратуары (ён не быў апрацаваны ад наледзі камунальнікамі) і атрымала пераломы костак левай рукі са зрушэннем. Ёй зрабілі аперацыю, больш за два месяцы яна хадзіла ў гіпсе, пасля паўгода працягвалася рэабілітацыя.

Самастойна дамагчыся кампенсацыі ў жанчыны не атрымалася. Суд, у які яна звярнулася, палічыў недаказаным атрыманне ёй траўмы з-за галалёдзіцы. Таксама ён спаслаўся на "супярэчнасці" ў даных аб прыналежнасці зямельнага ўчастка. Пракурор гэтае рашэнне апратэставаў, а судовая калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда пратэст задаволіла. З Жыткавіцкага райвыканкама на карысць пацярпелай спагналі 10 тысяч рублёў. Было прызнана, што выканкам "не ўсклаў абавязак па ўтрыманні і абслугоўванні канкрэтнага ўчастка тратуарнай дарожкі".

Статыстыка сведчыць, што жыхары Беларусі штогод атрымліваюць каля 700 тысяч траўмаў. З іх галалёдныя складаюць 20%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі