У Беларусі закрылася прадстаўніцтва кампаніі Johnson&Johnson
Дзіця, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі закрылася прадстаўніцтва аднаго з сусветных лідараў па выпуску санітарна-гігіенічных, лекавых і медыцынскіх тавараў — амерыканскага холдынгу Johnson&Johnson. Як піша медыя "Plan B", гэта адбылося яшчэ ў лістападзе.
Афіцыйных заяваў з гэтай нагоды не было. Ці паўплывае закрыццё прадстаўніцтва на пастаўкі прадукцыі Johnson&Johnson у Беларусь, пакуль невядома.
Эксперты "Plan B" мяркуюць, што закрыццё офіса кампаніі "з недружалюбнай краіны" ў Беларусі — гэта, хутчэй за ўсё, частка структурнай рэарганізацыі. Магчыма, холдынг скароціць асартымент пастаўленай прадукцыі, але застанецца на беларускім рынку.
Праўда, выданне не выключае, што Johnson&Johnson можа і цалкам пакінуць Беларусь. Сёлета нашу краіну пакуінулі больш за два дзясяткі замежных кампаній.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.