У Беларусі заведзена 15 крымінальных спраў за “безгаспадарчасць”
Пасля таго, як у сакавіку Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў утрыманне жывёлы ў аграхолдынгу “Купалаўскае”, камітэт Дзяржкантролю разам з іншымі ведамствамі правёў праверкі АПК па ўсёй Беларусі.
У праграме “Размова ў прэзідэнта” кіраўнік камітэта Дзяржкантролю Леанід Анфімаў распавёў, што на правераных аб’ектах зафіксавана 2490 парушэнняў, аператыўна ліквідавана больш за 77% з іх. Па выніках праверкі заведзена 15 крымінальных справаў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 86 кіраўнікоў і спецыялістаў райвыканкамаў, 623 сельскагаспадарчыя арганізацыі. Да адміністрацыйнай адказнасці — 196 кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый.
Леанід Анфімаў папярэдзіў, што ўлады збіраюцца трымаць кіраўнікоў АПК у “пастаянным тонусе”, каб парадак, наведзены падчас веснавой праверкі, застаўся.
26 сакавіка Аляксандр Лукашэнка наведаў аграхолдынг "Купалаўскае" ў Шклоўскім раёне, дзе зайшоў на ферму і быў у шоку ад таго, што там пабачыў. Яго рэакцыя была паказаная на тэлеканале АНТ.
"Навошта вы мяне сюды прывезлі?! — абурана пытаўся Лукашэнка ў міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. — Каб я цяпер Службе бяспекі даручыў надзець вам кайданкі?.. Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцым, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас зусім не разумею... Вы шо, хворыя?.. Яны ж гадзяць адна на адну, стаяць адна на адной. Тут мусіць стаяць чалавек і пастаянна чысціць. А вы пераконваеце, што гэта нармальна. Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж ўся абасраная!".
Пасля гэтага пасадаў пазбавіліся кіраўнік аграхолдынгу, старшыня райвыканкаму, кіраўнік вобласці. Пазней былі знятыя міністр сельскай гаспадаркі Заяц і віцэ-прэм'ер Русы (ён курыраваў сельскую гаспадарку). Праз некалькі дзён Лукашэнка адправіў іх на працу на Магілёўшчыну. Пастаўлена задача з адстаючых абласцей вывесці яе на лідыруючыя пазіцыі.