У Беларусі знайшлі найбуйнейшы ў Еўропе від кажана (фота)
Рэдкі від рукакрылых знайшлі ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці.
Самы вялікі ў Еўропе від кажана — гіганцкую вячэрніцу — знайшлі ў заказніку “Стары Жадзен” Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Апошні раз гэты від адзначалі ў Беларусі ў 1930 годзе.
Яго выявілі падчас рэалізацыі праекта Rufford Small Grants, у межах якога даследуюцца рэдкія віды леса-балотнага масіва заказніка.
Адкрыццё дае падставы меркаваць, што гіганцкая вячэрніца можа жыць і ў іншых месцах: у першую чаргу ва ўсходняй частцы Палесся, бліжэй да Чарнобыльскай зоны, паведамляе сайт “Аховы птушак Бацькаўшчыны”.
Гіганцкая вячэрніца — сысун атрада рукакрылых, адносіцца да сямейства гладканосых кажаноў. Даўжыня цела — 84-104 мм, размах крылаў — 41-46 см. Харчуецца вялікімі насякомымі: жукамі, конікамі, матылькамі. Хуткасць іх палёту можа дасягаць 45 км/г і нават вышэй.
Фота: player.myshared.ru, ptushki.org