У беларускім войску пачалася комплексная праверка ўзроўню баявой гатоўнасці
Ва Узброеных Сілах пад кіраўніцтвам начальніка Генштаба — першага намесніка міністра абароны з 30 студзеня пачалася комплексная праверка ўзроўню баявой гатоўнасці. Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, будуць ацэньвацца элементы баявой і забяспечвальнай сістэмаў Узброеных Сіл.
Асноўныя задачы гэтай праверкі — павысіць зладжанасць органаў вайсковага кіравання (штабоў), удасканаліць здольнасці камандуючых, камандзіраў кіраваць падначаленымі вайсковымі часцямі ў розных умовах абстаноўкі. Таксама ставіцца задача кантролю здольнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў прывесці ў гатоўнасць да выканання баявых задач у вызначаныя тэрміны.
Да праверкі плануецца прыцягнуць вайсковыя часці і падраздзяленні розных родаў войскаў і спецыяльных войскаў. Акрамя ўсяго прадугледжваецца праверка сістэмы супрацьпаветранай абароны палётамі кантрольных цэляў.
Як паведамляе Мінабароны, плануецца праверыць каля 30 вайсковых часцей і падраздзяленняў. З запасу будзе прызвана каля 3000 ваеннаабавязаных.
Зімовыя вучэнні, як мяркуецца, дазволяць праверыць, наколькі сістэмы тэхнічнага і тылавога забеспячэння здольныя якасна выканаць задачы па забеспячэнні спраўнасці функцыянавання ўзбраення і ваеннай тэхнікі і давядзення да войскаў належных нормаў забеспячэння.