У Брэсце экс-кандыдату ў дэпутаты не працягнулі працоўны кантракт
Аляксандр Мельнік спрабуе аднавіцца на працы праз суд.
Былы выкладчык Брэсцкага медыцынскага каледжа быў звольнены 10 верасня. Аляксандр Мельнік называе гэта помстай за свой ўдзел у сёлетняй выбарчай кампаніі. У каледжы, дзе Мельнік выкладаў некалькі прадметаў цягам трох гадоў, прэтэнзіяў да яго не было. Да таго часу, пакуль ён не вылучыў сваю кандыдатуру ў дэпутаты гарадскога савета.
Па словах экс-кандыдата, ён ніколі не быў сябрам якой-небудзь партыі ці грамадскай арганізацыі. Аднак, нягледзячы на гэта, яму далі зразумець, што на ўчастку апанент і альтэрнатыва "праўладнаму кандыдату" папросту не патрэбны. Расказвае Аляксандр Мельнік:
"Для ўлады незалежны кандыдат горшы за апазіцыянера, бо за незалежным заўсёды стаіць народ. Незалежны будзе адстойваць толькі інтарэсы сваіх людзей, сваіх выбарцаў, у адрозненне ад любых прадстаўнікоў палітычных партый. Вядома, што для іх гэта стала вялікай праблемай, вобразна кажучы, як костка ў горле".
Аляксандар Мельнік кажа, што яшчэ ў сакавіку падчас выбарчай кампаніі кіраўніцтва ўстановы прыгразіла яму звальненнем. Сваё слова адміністрацыя каледжа стрымала, калі ў пачатку навучальнага года кантракт скончыўся і яго не працягнулі.
Вярнуць працоўнае месца мужчына спрабаваў праз суд, але пазоў былога выкладчыка быў адхілены. Падчас судовага паседжання Мельнік таксама хацеў даведацца пра прычыну свайго звальнення, аднак і гэта ў яго не атрымалася.
Сітуацыю Еўрарадыё пракаментаваў брэсцкі праваабаронца Уладзімір Малей. Юрыст кажа, што кантрактная сістэма — ідэальны механізм пазбаўлення ад грамадска-актыўных працаўнікоў:
"Людзі баяцца, што з імі не будзе прадоўжаны кантракт, не высоўваюцца — спакойна працуюць. Самае жахлівае ў гэтым парадку скасавання кантракту тое, што наймальнік не абавязаны тлумачыць прычыны скасавання кантракту з працаўніком. Таму ў нашай краіне няма судовай практыкі, калі была б прызнаная неабгрунтаванасць скасавання кантракту".
Тым не менш Аляксандр Мельнік працягне змагацца за сваё канстытуцыйнае права на працу. Рашэнне першай судовай інстанцыі ён збіраецца абскардзіць у Брэсцкім абласным судзе.
Фота: brestspring.com
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма