У Брэсце не дазволілі ніводнага пікета супраць дэкрэта аб "дармаедстве"

Брэсцкі гарвыканкам не дазволіў актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі ніводнага пікета супраць дэкрэта аб "дармаедстве. Пра гэта інфармуе БелаПАН са спасылкай на аlнаго з заяўнікаў акцый намесніка старшыні АГП Уладзіміра Вуека.

Партыйцы падавалі заўякі на 10 пікетаў, запланаваных на 25 траўня. Пяць з іх меркавалася правесці ў дазволеных ўладамі месцах: на стадыёне "Лакаматыў" і ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яшчэ пяць планаваліся ў цэнтры горада і мікрараёне Усход. Пікетоўцы збіраліся данесці да грамадскасці пазіцыю АГП пра недапушчальнасць прымусовай працы, якая ўводзіцца дэкрэтам №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Меркавалася, што кожны пікет прастаіць гадзіну. У кожным з іх планавалася 20 чалавек.

Брэсцкія ўлады не дазволілі пікеты ў цэнтры Брэста і мікрараёне Усход, бо там забаронена ладзіць масавыя мерапрыемствы. А ў дазволеных месцах — таму што заяўнікі не заключылі дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі.

На думку Вуека, усе адмовы неправамерныя. Партыец кажа, што як падаткаплатнікі яны ўжо аплацілі дзейнасць міліцыі, камунальнікаў і медыкаў. Акрамя таго, нядаўна Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэннем грамадзянскіх правоў адмову ў пікеце ў не прызначаным чыноўнікамі месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі