У Брэсце пасля калектыўнага звароту павялічылі колькасць рэйсаў аўтобуса

З патрабаваннем павялічыць колькасць аўтобусных рэйсаў на маршруце выступіла сябра партыі "Справядлівы свет" Людміла Дзенісенка. Цягам сваёй агітацыйнай кампаніі падчас мясцовых выбараў жанчына сабрала 90 подпісаў жыхароў вуліц Калінавая і Верасковая.

У каментары Еўрарадыё Людміла Дзенісенка расказала пра сутнасць праблемы.

"На дадзены момант у нас ёсць два аўтобусы — 39 і 39А, якія ходзяць у мікрараён Усход. Але мы жывем ў Ленінскім раёне, і даехаць нават у паліклініку праблематычна, асабліва для пенсіянераў — трэба ехаць 2-3 аўтобусамі. А аўтобус 39Б ходзіць толькі ў тыя дні, калі вучацца школьнікі".

На свой ліст Людміла Дзенісенка атрымала ад кіраўніцтва горада адказ, што такія пытанні разглядаюцца раз на тры месяцы на пасяджэнні каардынацыйнага савета. У ліпені жанчыну праінфармавалі, што гарадскі камітэт не палічыў мэтазгодным увесці дадатковыя рэйсы аўтобусаў.

Аднак, па словах экс-кандыдата ў дэпутаты, усяго праз два тыдні сітуацыя карэнным чынам змянілася:

"Самае дзіўнае, што 28 ліпеня аўтобус 39Б паехаў па новым раскладзе. Цяпер у яго 9 рэйсаў, ён ходзіць штодня, акрамя выхадных. То бок я лічу, што праблему, якую мы агучылі, улады палічылі патрэбным вырашыць. Не думаю, што без нашага звароту пытанне было б вырашанае так хутка".

Фота: periskop.livejournal.com

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі