У Брэсце сёння судзяць Дар'ю Лосік

Дар'я Лосік / svaboda.org
Дар'я Лосік / svaboda.org

17 студзеня ў 10:01 у Брэсцкім абласным судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы палітзняволенай Дар'і Лосік — жонкі блогера Ігара Лосіка, асуджанага па "справе Ціханоўскага".

Дар'ю будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК — яе вінавацяць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Ёй пагражае да шасці гадоў калоніі.

Падставай для крымінальнай справы стала інтэрв'ю Дар'і тэлеканалу "Белсат", які ў Беларусі прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем".

Пракуратура заявіла, што ў гутарцы Дар'я Лосік "пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня". Таксама пракурорскім работнікам не спадабалася, што яна "дала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і адпраўленне правасуддзя". Дар'я заяўляла, што яе муж асуджаны незаконна — і гэтую заяву таксама ставяць ёй у віну.

Блогера з Баранавічаў Ігара Лосіка, затрыманага за паўтара месяца да выбараў 2020 года, асудзілі ў  снежні 2021-га на 15 гадоў знаволення. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці.

Ягоную жонку затрымалі 18 кастрычніка 2022-га, з таго часу яна была пад вартай.

Малалетняя дачка Лосікаў засталася пад наглядам бабулі і дзядулі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі