У Брэсце за два гады толькі на адной вуліцы з'явілася веладарожка

Нагадаем, што ў пашыраным паседжанні гарвыканкама ў лістападзе 2011 года прынялі ўдзел прадстаўнікі кампаніі "За вела-Брэст!". На паседжанні быў разгледжаны план будучых роварных "артэрый" горада, якія звяжуць усё мікрараёны гораду з цэнтрам. Рэалізацыя першага этапу плана была запланаваная на 2015 год.



Са словаў каардынатара кампаніі "За Вела-Брэст!" Уладзіміра Красько, пакуль з гэтага плана выканана не шмат. Толькі на вуліцы Лейтэнанта Рабцава завершана добраўпарадкаванне адной веладарожкі. А на шэрагу вуліц (напрыклад, Янкі Купалы, Машэнскага і Аўтамабілістаў) будуць створаныя так званыя велапалосы — тратуар, падзелены разметкай і для раварыстаў, і для пешаходаў.



Красько: "Спадзявацца на тое, што на працягу бліжэйшых гадоў велапаласа ператворыцца ў сапраўдную веладарожку, складана. Каб перарабіць іх, трэба вялікія ўкладанні, на якое кіраўніцтва гораду наўрад ці пойдзе і зноў спашлецца на фінансавыя праблемы. Тут усё павінна ісці ў комплексе: калі колькасць раварыстаў будзе павялічвацца, будуць узнікаць пытанні пра тое, што ім цяжка рухацца разам з пешаходамі. Тады больш увагі будзе надавацца і з боку ўладаў".



Красько таксама адзначыў, што такі падзел на "людзей з роварам і без" можна разглядаць толькі як часовы варыянт. Велаактывіст спадзяецца, што да канчатковай рэалізацыі генплану ў Брэсце ўсё ж такі з'явяцца паўнавартасныя веладарожкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі