У Брэсце журналіста будуць судзіць за інтэрв'ю з футбалістам Васілюком

У Брэсце будуць судзіць незалежнага журналіста Алеся Ляўчука. Яго ў чарговы раз вінавацяць у супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі. Разгляд справы адбудзецца 26 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна. Пра гэта Ляўчуку паведамілі ў аўторак у міліцыі, куды запрасілі для дачы паказанняў. На незалежнага журналіста быў складзены адміністрацыйны пратакол за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

Па гэтым артыкуле Алеся Ляўчука судзілі ўжо двойчы, прысуджалі шматмільённыя штрафы. Нагодай для новага працэсу стаў рэпартаж пра футбольны матч брэсцкага "Дынама" і "Віцебска", які прайшоў 3 траўня, ды кароткае інтэрв'ю з вядомым футбалістам Раманам Васілюком. Сюжэт з'явіўся ў эфіры тэлеканала "Белсат" (Польшча). Па словах Ляўчука, сведчанні міліцыянерам даў менавіта гулец "Дынама".

Ляўчук: "Я дакладна ведаю, што супрацоўнік міліцыі прыйшоў да Васілюка і запытаў яго: "А даваў ты інтэрв'ю "Белсату"? Ён адказаў, што даваў і не бачыць у гэтым праблемы... Але жывем у такой краіне, што ўзяў інтэрв'ю ў аднаго з лепшых футбалістаў Беларусі, — і маем тое, што маем... Я маю на гэта канстытуцыйныя правы (збіраць і распаўсюджваць інфармацыю — Еўрарадыё), а на Рому ніколькі не крыўджуся".

Сёлета ў Беларусі гэта будзе ўжо 22-я адміністрацыйная справа за працу без акрэдытацыі. Па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сума штрафаў супраць фрылансераў на дадзены момант складае больш за 108 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі