У Брэсце жыхары гістарычнага будынка адстаялі свой дом

Скандальная справа дома №10 па вуліцы Астроўскага ў Брэсце прынясла частковую перамогу яго жыхарам. Паўтара года судоў і скаргаў у пракуратуру прынеслі вынік. Будынак, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, быў выключаны з праекту забудовы. 

Як паведаміў брэсцкі актывіст "Руху "За свабоду!", праваабаронца Дзяніс Турчаняк, днямі стала вядома, што яшчэ ў траўні адбылося пасяджэнне камісіі па інвестыцыйнай дзейнасці ў Брэсцкай вобласці. Акурат тады аблвыканкамам прыняў рашэнне аб выключэнні з інвестыцыйнай дамовы дома № 10 па вуліцы Астроўскага.

Турчаняк: “Грамадзян пра гэта не праінфармавалі. Гэта стала вядома зусім па іншых каналах. Ім спачатку не сказалі пра тое, што ў адносінах да іх маёмасці была заключаная інвестыцыйная дамова і гэтак жа не паведамілі і пра тое, што іх маёмасць была выключаная з гэтай дамовы. Наступствы ўсяго гэтага такія, што зямельны ўчастак, які даваўся інвестару пад праект, быў зменшаны на велічыню гэтага дома”.

Нагадаем, што жыльцоў хацелі перасяліць ў пабудаваныя за бюджэтныя сродкі кватэры, інвестар жа пры гэтым не выдаткоўваў свае грошы. Тыя ж, каго прапанова перасяліцца з цэнтра горада не задаволіла, напісалі заяву ў Генеральную пракуратуру. Грамадзяне абвінавацілі ўдзельнікаў здзелкі, аблвыканкам і інвестара, у карупцыйным злачынстве, аднак крымінальная справа распачатая не была.

Пасля звароту ў пракуратуру цікавасць да дома ў інвестара знікла, але ставіць кропку ў гэтай гісторыі пакуль рана. Стала вядома, што цяпер інвестар хоча пабудаваць шасціпавярховік на месцы гаспадарчых забудоў, якія належаць жыльцам.

Па словах Дзяніса Турчаняка, уласнікі гаспадарчых забудоваў згоду на дэмантаж не давалі, іх папросту ніхто не запытваў.

Турчаняк: “Магчыма яны і пагодзяцца, каб гэтыя пабудовы аддаць пад узядзенне шматкватэрнага 6-павярховага дома, бо ўсё ж гаспадарчая забудова — гэта не кватэры, якія хацелі забраць першапачаткова. Тут могуць быць нейкія кампрамісы. Але яны магчымыя, калі жыхароў задаволіць грашовая кампенсацыя, якую ім за гэта прапануюць”.

Спецыяльна для праграмы “Кардыяграма”.

Фота belaruspartisan.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі