У Брэсцкай крэпасці расійскі фонд і БРСМ будуюць гатэль і моладзевы цэнтр
Будоўля вядзецца ў Кобрынскім умацаваньні Брэсцкай крэпасці.
Гатэль "для ветэранаў і гасцей" ў Брэсцкай крэпасці збіраецца будаваць Санкт-Пецярбурскі фонд "Абаронцаў Неўскага плацдарму". Як інфармуе Радыё "Свабода", фонд заключыў адпаведную інвестыцыйную дамову з Брэсцкім аблвыканкамам. Агульная сума інвестыцыяў — 2,5 мільёна долараў.
Яшчэ да прыходу расійскага інвестара абласная арганізацыя БРСМ абвясціла тут будоўлю "моладзевага патрыятычнага цэнтру". У ім плануецца ладзіць "вайскова-палявыя зборы і рэканструкцыі, фестывалі, канцэрты". Мяркуецца, што моладзевы цэнтр будзе адчынены ўжо сёлета.
Пра фонд "Абаронцаў Неўскага плацдарму" амаль нічога не вядома. Арганізацыя ўжо некалькі гадоў удзельнічае ў сумесных акцыях з БРСМ. Летась у ліпені яны разам ладзілі рэканструкцыю абароны цытадэлі 1941 году.
Будоўля вядзецца ў Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Яшчэ на пачатку 2000-х гадоў тут стаяла вайсковая часць, пасля яе ад’езду памяшканні былі закінутыя.
Брэсцкі актывіст руху "За свабоду" Дзяніс Турчаняк бачыць у расійскім інвестпраекце прыхаваную небяспеку. Па яго словах, будаўніцтва расійскага вайскова-патрыятычнага цэнтру літаральна за 300 метраў ад польскай мяжы можа прывесці да напружання ў адносінах Беларусі і Еўропы.
Фота — svaboda.org