У Брэсцкай вобласці падаражэў праезд у грамадскім транспарце
Праезд у грамадскім транспарце ў Брэсцкай вобласці падаражэў. Адпаведнае рашэнне №944 Брэсцкі аблвыканкам прыняў 15 снежня, цяпер яно апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Адна паездка на грамадскім транспарце цяпер каштуе 45 капеек, на аўтобусе экспрэснага маршруту — 55 капеек, адзначае БЕЛТА. Месячны праязны на аўтобус ці тралейбус на звычайных і хуткасных маршрутах у Брэсце будзе каштаваць 19,08 руб., у Баранавічах, Пінску і Кобрыне — 18,58 руб., у іншых гарадах вобласці — 16,22 руб. Праязны на два віды транспарту (аўтобус і тралейбус) абыйдзецца брэстаўчанам у 25,46 руб.
Падаражэлі і прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў. На звычайных маршрутах за 1 км праезду давядзецца заплаціць 0,06 руб., на хуткасных маршрутах і дадатковых рэйсах — 0,08 руб, на экспрэсных маршрутах — 0,09 руб.
За кожнае маламернае месца багажу і (або) ручной паклажы на прыгарадным маршруце з пасажыра будуць браць 0,005 руб. за адзін кіламетр правозу, за кожнае сярэднемернае месца — 0,01 руб. за адзін кіламетр правозу, за кожнае буйнамернае месца — 0,02 руб.
Нагадаем, што кошты на праезд паднялі ўжо ў Мінскай, Віцебскай, Гомельскай абласцях і сталіцы.