У Брэсцкай вобласці знайшлі метэарыт, які ўпаў падчас каляднай ночы

Метэарыт на месцы падзення / Іван Каменскі
Метэарыт на месцы падзення / Іван Каменскі

У Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці знайшлі метэарыт, які ўпаў у калядную ноч. Месца падзення касмічнага цела і сам камень знайшоў жыхар вёскі Скорцы Іван Каменскі.

Вёска знаходзіцца на самай мяжы Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў. Іван Каменскі распавядае, што знайшоў метэарыт не выпадкова. Некалькі дзён таму ён прачытаў у раённай газеце, што навукоўцы заклікалі людзей выйсці на пошукі камяня, пакуль у палях не пачаліся сельскагаспадарчыя працы. Нядаўна Іван выйшаў на пенсію, у яго быў вольны час. Таму кожны дзень ён на некалькі гадзін выходзіў з дому спецыяльна для таго, каб даследаваць наваколлі вёскі ў пошуках метэарыта.

В Брестской области нашли метеорит, который упал в рождественскую ночь
Іван Каменскі з метэарытам

Метэарыт ляжаў у невялікай варонцы на адным з палёў на ўсход ад Скорцаў. Сапраўднасць знаходкі ўжо пацвердзілі польскія навукоўцы, якія аператыўна прыбылі да месца падзення камяня.

Кошт знойдзенага метэарыта, які важыць больш за 100 кг, залежыць ад яго хімічнага складу і можа наблізіцца да 100 тысяч долараў. Якая доля ад гэтай сумы дастанецца пенсіянеру, які знайшоў камень, незразумела: метэарыт — не скарб, ён не належыць і да карысных выкапняў. Магчыма, яго ў прынцыпе не будуць ацэньваць і прадаваць.

Падзенне метэарыта ў ноч на 7 студзеня бачылі жыхары Брэсцкай вобласці. Відэакамера ў вёсцы Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна зафіксавала яркі метэор ў 03:33 ночы. Балід ляцеў з захаду на ўсход і асвятліў велізарную тэрыторыю.

Пазней высветлілася, што балід, які ляціць у бок Беларусі, назіралі і ў Польшчы. Тыдзень таму меркаванае месца падзення метэарыта абследавалі навукоўцы — спецыялісты Польскай лабараторыі камет і метэораў. Яны збіралі сведчанні людзей аб тым, што здарылася, але самастойна знайсці камень не змаглі. Адмыслоўцы не выключаюць, што метэарыт падчас палёту праз атмасферу важыў да 500 кілаграм, а пры падзенні — да 100 кг. Пры падзенні ён мог падзяліцца на дробныя кавалкі.

Навукоўцы заклікалі мясцовых жыхароў як мага хутчэй пачаць пошукі метэарыта. Бо з пачаткам работ у палях па месцы яго падзення маглі б прайсці трактары. У такім выпадку знайсці рэшткі касмічнага госця стала б практычна немагчыма.

Больш важных падзей 1 красавіка ў праграме «Еўразум» 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі