У Брэсцкім раёне мужчына знайшоў у лесе рарытэтнае ружжо
У Брэсцкім раёне мужчына знайшоў у лесе рарытэтнае ружжо. Як паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама, на балістычную экспертызу ў Брэсцкі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз паступіла унікальнае бельгійскае ружжо фабрыкі "Auguste Francotte". Зброю прынёс мясцовы жыхар, які сказаў, што знайшоў яе ў лесе.
Выявіць дакладную дату выпуску гэтай рарытэтнай зброі зараз цяжка. Вядома, што кароткае апісанне гэтага ружжа і характарыстыка сустракаюцца ў прэйскуранце зброевай крамы Варшаўскага паляўнічага таварыства пачатку ХХ стагоддзя.
Стрэльбы бельгійскай фабрыкі раней вырабляліся пераважна па індывідуальнай замове і былі папулярнымі сярод высокапастаўленых чыноўнікаў, калекцыянераў і знакамітых паляўнічых. На сёння такая зброя ўжо не вырабляецца.
Згодна з заключэннем эксперта, "знаходка" 12-га калібра дзейнічае і можа страляць.