У будучай цёшчы, з сябрамі і дзецьмі: як беларусы сустрэлі 2014 год
Вядомы мастак, апазіцыянер і лідар прадпрымальнікаў расказваюць, хто быў з імі побач ў навагоднюю ноч.
Сустаршыня Аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец зусім нядаўна выйшаў на волю з “хіміі” — Новы год на свабодзе ён не сустракаў ужо тры гады запар. І хоць для шчырага верніка Севярынца нашмат большае значэнне мае Раство, сёлета Павел сустракаў і свецкі Новы год — разам з сям’ёй сваёй нявесты Вольгі.
“Раство важнейшае за Новы год. Каталіцкае з нявестай адзначалі, і праваслаўнае будзем. А на Новы год мы ездзілі ў Нарач да бацькоў маёй нявесты. Там было ўсё як мае быць — поўны стол, размовы дапазна”.
Аб тым, што значна большае значэнне мае Раство, нечакана гаворыць і куды больш свецкі чалавек — прадпрымальнік Аляксандр Макаеў. Новы год ён сустракаў у кампаніі сваёй дзяўчыны Юліі і старых сяброў. Гаворыць, што менавіта сустрэчай з імі яму і запомніўся прыход 2014-га.
“Гасцей частавалі два дні. Мая сяброўка Юля нагатавала страваў… Запомнілася свята тым, што сустрэўся са старымі сябрамі, паразмаўлялі нармальна”.
А вось вядомы мастак Алесь Пушкін паспеў не толькі Новы год сустрэць разам з сям’ёй, але і Дзедам Марозам папрацаваць. Расказвае, што напярэдадні свята ездзіў у Мінск віншаваць пацярпелых падчас жудаснага выпадку на святкаванні Купалля ля яго сядзібы. Алесь расказвае, што цяпер з імі ўсё добра. А 2014 год Пушкін сустракаў разам з дзецьмі.
“30 снежня паехаў у Мінск да тых дзяўчат, якія ў мяне пацярпелі на Купаллі. Адвёз ім падарункі, грошы — нейкую кампенсацыю. Такім Дзедам Марозам працаваў. А 31-га ўжо дома быў — тапілі лазню, парыліся. Апоўначы з дзецьмі на вуліцы былі — стралялі з петардаў, хлапушак”.
Што датычыць традыцыйных навагодніх жаданняў, то Пушкін папрасіў… інвестараў. Мастак хоча стварыць ля сваёй сядзібы ў Бабры культурны цэнтр і ладзіць там імпрэзы ды канцэрты. Пушкін спадзяецца, што ў 2014 годзе такія людзі абавязкова знойдуцца.