У Бялынічах збіралі "камандзіраў атрадаў народнага апалчэння"
"Камандзіры атрадаў"
У Бялынічах на Магілёўшчыне збіралі "камандзіраў атрадаў народнага апалчэння". У раённым ваенкамаце ім распавялі пра "напружаную абстаноўку вакол межаў нашай дзяржавы". Ваенны камісар Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Дзмітрый Драздоў лічыць, што ў такой сітуацыі неабходная "павышаная ўвага да арганізацыі народнага апалчэння". Нібыта, падчас вайны яно можа адыграць заўважную ролю.
Колькі камандзіраў было на "навучальным занятку", невядома, паколькі разам з імі прысутнічалі і старшыні сельскіх саветаў (а некаторыя з іх могуць сумяшчаць згаданыя пасады).
Атрады "народнага апалчэння" ствараюць у Беларусі з 2022 года. У іх прымаюць толькі лаяльных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі людзей (нярэдка былых міліцыянераў, вайскоўцаў, чыноўнікаў, паляўнічых), якім у сваіх населеных пунктах давядзецца дапамагаць міліцыі ў змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі", у ахове розных аб'ектаў. Прапаганда называе ўдзельнікаў "народнага апалчэння" "добраахвотнікамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.