У цэнтры Віцебска можа з'явіцца вуліца Марка Шагала
У цэнтры Віцебска можа з'явіцца вуліца Марка Шагала. Мясцовыя ўлады плануюць прайменаваць частку вуліцы Праўды, ад вуліцы Леніна да вуліцы Калініна. Пра гэта ў чацвер паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін. Паводле яго слоў, ужо распрацаваны праект пастановы, які разгледзіць бліжэйшая сесія гарсавета, інфармуе БЕЛТА.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама падкрэслівае, што адсутнасць у горадзе вуліцы, якая б насіла імя знакамітага мастака — "гэта няправільна". На будучай вуліцы Шагала аднаўляецца будынак народнай мастацкай вучэльні, стварэнне якой у 1919 годзе ініцыяваў якраз мастак. У перспектыве там адчыняць музей, што паспрыяе прыцягненню турыстаў, кажа чыноўнік.
Марк Шагал (1887 — 1985) — ураджэнец Віцебска. Лічыцца адным з самых вядомых прадстаўнікоў мастацкага авангарду ХХ стагоддзя. У Беларусі жыў да 1920 года. Памёр у Францыі.