У ЦВК бачылі Чамаданаву, яна хоча стаць кандыдаткай у прэзідэнты
Вольга Чамаданава
Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі "Беларускага саюза жанчын", начальніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава хоча стаць кандыдаткай у прэзідэнты Беларусі. У сераду яна падала дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў. Да восені 2021-га на працягу трох гадоў галоўны сталічны ідэолаг працавала прэс-сакратаркай Міністэрства ўнутраных спраў. А да таго больш за дзесяцігоддзе яна ўзначальвала інспекцыю па справах непаўналетніх міліцыі Мінскага раёна.
Чамаданава згадвалася ў скандальных аўдыёзапісах, якія ў 2021 годзе з'явіліся ў інтэрнэце. Яна — фігурантка "чорнага спісу" ЕС. Сталічнае аддзяленне "Беларускага саюза жанчын" узначаліла восенню 2021-га. За "абразу" Вольгі Чамаданавай у апошнія гады неаднаразова судзілі людзей.
На сённяшні дзень зарэгістраваная толькі ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК не зарэгістраваў групы Аляксандра Драздова і Юрыя Губарэвіча. Дакументы 30 кастрычніка падалі Алег Гайдукевіч і Аляксандр Хіжняк, кіраўнікі прарэжымных партый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.