У дачыненні былога гендырэктара "Беларусьфільма" распачалі крымінальную справу

У дачыненні былога гендырэктара "Беларусьфільма" распачалі крымінальную справу

У дачыненні былога гендырэктара нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" распачалі крымінальную справу. Было выяўлена злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, якія Міністэрства культуры выдаткавала на вытворчасць мастацкага фільма "З 8 сакавіка, мужчыны". Дамова на сумесную вытворчасць і выкарыстанне фільма была падпісаная ў 2012 годзе на агульную суму амаль 3 мільёны рублёў (1,5 млн долараў), інфармуе прэс-служба МУС.

Праверка, праведзеная сумесна МУС і Генпракуратурай, выявіла, што Мінкульт выдаткаваў з бюджэту больш за 1 млн рублёў, кінастудыя — амаль 1 млн рублёў. Мінкульт быў уладальнікам выключнага права на фільм. Аднак у красавіку 2013-га тагачасны гендырэктар "Беларусьфільма" заключыў дамову на вытворчасць фільма з расійскім ТАА "Маскіт", якое інвеставала ў стварэнне стужкі больш за 1 млн беларускіх рублёў. Восенню 2013-га кіраўнік кінастудыі заключыў дамову з яшчэ адным расійскім суб'ектам гаспадарання на кінатэатральны паказ фільма на тэрыторыі ўсяго свету, а ў пачатку 2014 года перадаў яму выключнае права на фільм (было падпісанае дадатковае пагадненне). Праваахоўнікі падкрэсліваюць, што гендырэктар ведаў, што на той час уладальнікам правоў на "З 8 сакавіка, мужчыны" быў Мінкульт.

Адзначаецца, што сваімі дзеяннямі кіраўнік "Беларусьфільма" нанёс істотныя страты дзяржаўным і грамадскім інтарэсам — і Мінкульт, і кінастудыя страцілі правы на самастойнае выкарыстанне фільма ва ўсім свеце, а значыць не атрымалі прыбытак ад яго (расійскі бок, які ўклаў $500 тысяч, атрымаў амаль 3 млн долараў, беларускі бок, які ўклаў 1 млн долараў, не атрымаў нічога). Як наступства гэтага — замаруджванне рэфармавання айчыннай кінематаграфіі, пагаршэнне эканамічнага становішча кінастудыі, падрыў яе дзелавой рэпутацыі.

Прозвішча былога гендырэктара кінастудыі МУС не называе. Аднак вядома, што ў той час "Беларусьфільмам" кіраваў Алег Сільвановіч.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі