У "ДНР" і "ЛНР" усеагульная мабілізацыя, у Расіі рэзервістаў выклікаюць на зборы
Так званы ўрад так званай "ДНР" следам за эвакуацыяй жанчын, дзяцей і людзей сталага веку пачынае ўсеагульную мабілізацыю. Рашэнне пра гэта Дзяніс Пушылін падпісаў раніцай 19 лютага. Такое ж рашэнне прынялі ў так званай "ЛНР".
Мабілізацыя прадугледжвае таксама забарону на выезд з рэгіёна мужчын ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.
У Расіі тым часам на зборы выклікаюць рэзервістаў. Указ падпісаў Уладзімір Пуцін.
У Растоўскай вобласці Расіі праз вывезеных з "ДНР" і "ЛНР" людзей ўводзіцца рэжым надзвычайнага становічша. Паведамляецца, што праз украінска-расійскую мяжу за суткі перайшлі каля 30 тысяч чалавек. Рэгіён атрымаў з бюджэту Расіі 5 млрд рублёў ($64,5 млн) на дапамогу ўцекачам.
У Луганску ўночы прагрымеў выбух, пасля якога загарэўся газаправод. Пажар патушылі цягам пары гадзінаў, здарэнне ў "ЛНР" "прызналі дыверсіяй".
Джо Байдэн уночы на 19 лютага заявіў, што Пуцін ужо прыняў рашэнне пра ўварванне ва Украіну. Яно пачнецца бліжэйшымі днямі, мэта Кіеў. І калі гэта здарыцца, увесь свет атрымае доказы, што Крэмль ад пачатку не разглядаў дыпламатычныя метады для выхаду з канфлікту. Але "дзверы для дыпламатыі будуць адкрытыя да апошняга".
Украінскія афіцыйныя асобы і вайскоўцы неаднаразова заявілі, што не збіраюцца праводзіць сілавых аперацый на Паўднёвым Усходзе краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.