У Дняпры затрымалі падазраванага ў забойстве Ірыны Фарыён — яму 18 гадоў

Затрыманне падазраванага ў забойстве мовазнаўцы Ірыны Фарыён

Затрыманне падазраванага ў забойстве мовазнаўцы Ірыны Фарыён / МУС Украіны

У Дняпры затрымалі падазраванага ў забойстве палітыка і мовазнаўцы Ірыны Фарыён. Пра гэта міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка далажыў прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму.

Затрыманаму 18 гадоў.

Паводле інфармацыі МУС, піша hromadske.ua, хлопец, рыхтуючыся да злачынства, арандаваў мінімум тры кватэры ў Львове. Вылічылі яго па фота, а злавіць удалося дзякуючы камерам відэаназірання.

"Цяпер затрыманы ў руках паліцыі. Важна даведацца ўсе дэталі. Цяпер следства схіляецца да меркавання, што стралок — толькі выканаўца", — падкрэслівае Кліменка.

Пошукі забойцы працягваліся 139 гадзін. Паводле Кліменкі, працавала каманда аператыўнікаў, следчых, крымінальных аналітыкаў, экспертаў, іншых паліцэйскіх службаў, супрацоўнікаў Службы бяспекі Украіны. Яны праверылі кожны куток на маршруце адыходу стралка і абшукалі каля 100 га лесу.

У мовазнаўцу і палітыка Ірыну Фарыён стралялі ўвечары 19 ліпеня на вуліцы Масарыка ў Львове — там яна жыла. Яе шпіталізавалі з агнястрэльным раненнем галавы. Лекары змагаліся за жыццё 60-гадовай жанчыны, але пасля 23:00 яна памерла, бо не вытрымала сэрца.

Паліцыянты апублікавалі фатаграфію і прыкметы хлопца, якога падазравалі ў датычнасці да забойства. Жыхары дома загінулай расказалі, што некалькі тыдняў бачылі на лаўцы непадалёк падазронага маладога чалавека, які сядзеў там з раніцы да вечара.

На пахаванне Фарыён у Львове прыйшло некалькі тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі