У Добрушы судзяць былога чыноўніка райвыканкама і "Кіраўніка года"
Бідоны з малаком, ілюстрацыйнае фота
У Добрушы пачынаецца судовы працэс над "амаль усёй сельгасэлітай раёна", паведамляе рэсурс "Беларусь за МКАДам". Фігурантамі справы з'яўляюцца 8 чалавек, у тым ліку былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Добрушскага райвыканкама Яўген Ігнаценка, дэлегат "Усебеларускага народнага сходу" і некалькі старшыняў гаспадарак. Адзін з іх — былы дырэктар сельгаспрадпрыемства "Церахоўка-Агра" Руслан Сакалоў. У 2019 годзе ён атрымаў званне "Кіраўнік года". Пры гэтым у матэрыялах справы фігуруюць эпізоды акурат з 2019 па 2022 год.
Абвінавачаныя афармлялі фіктыўныя дакументы, каб завысіць паказчыкі па вытворчасці і рэалізацыі малака. Дадзеныя за 2019-2022 гады былі завышаныя больш чым на 5 мільёнаў кілаграм. Фігурантаў абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванні ўладай, службовым падлоге і перавышэнні паўнамоцтваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.