У доме Байдэна каранавірус, а ў Кітаі праламалі Вялікую сцяну — #Іх норавы
У жонкі Байдэна кавід
Дэмаграфічныя праблемы ёсць не толькі ў Беларусі, але і ў Тайвані. Прапануюць іх вырашыць нестандартна — дарыць хатніх жывёл. Тым часам у жонкі Байдэна кавід, але палітык працягвае дзелавыя паездкі.
Чым яшчэ жыве свет, расказваем у рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
“Карона” дайшла да дома Байдэна
Першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн зрабіла тэст на COVID-19, і ён выявіўся станоўчым. У Джо Байдэна вірус не знойдзены.
— Пасля станоўчага тэсту першай лэдзі на COVID-19 прэзідэнт Байдэн прайшоў тэст на COVID сёння ўвечары. Тэст паказаў адмоўны вынік. На гэтым тыдні прэзідэнт будзе рэгулярна здаваць аналізы і сачыць за сімптомамі, — гаворыцца ў паведамленні Белага дома.
У Францыі хочуць больш актыўна змагацца з курэннем. З-за гэтага аднаразовыя вэйпы будуць забароненыя. Пра гэта заявіла прэм'ер-міністарка краіны Элізабет Борн.
Яна сказала, што ўрад "неўзабаве прадставіць новы нацыянальны план па барацьбе з паленнем, які ўключае, у прыватнасці, забарону аднаразовых электронных цыгарэт, якія змушаюць маладых людзей засвоіць шкодныя звычкі".
Паводле дадзеных чыноўніцы, з-за палення ў Францыі штогод памірае 75 тысяч чалавек.
З дапамогай коштаў, аднак, з курэннем змагацца пакуль не будуць — у бюджэце на 2024 год не прадугледжана павышэнне падаткаў на цыгарэты.
— Але гэта не азначае, што мы не пільнуем спажыванне тытуню, — сказала на заканчэнне Брон.
Для экскаватара Вялікая сцяна не перашкода
У Кітаі затрымалі двух чалавек за пракладанне кароткага шляху праз Вялікую Кітайскую сцяну. Яны прызналіся, што выкарыстоўвалі для гэтага экскаватар. Так яны хацелі спраставаць шлях.
Пацярпелы ўчастак — часоў кітайскай дынастыі Мін (з XIV па XVII стагоддзі). CCTV паведаміла, што падазраваныя нанеслі "незваротны ўрон".
— Цяпер двое падазраваных затрыманыя ў адпаведнасці з законам, расследаванне справы працягваецца, — адзначае CCTV.
Нараджаеце дзіця? Гадаванец у падарунак
Кандыдат у прэзідэнты Тайваня, мільярдэр Тэры Гоў, прапануе дарыць сабаку або ката тым, хто нараджае дзіця. Так ён разлічвае перамагчы імклівае падзенне нараджальнасці на востраве.
На Тайвані адзін з самых нізкіх узроўняў нараджальнасці ў свеце. Часта людзі спасылаюцца на высокі кошт жыцця і цяжкасці з доступам да догляду дзяцей. Хуткае старэнне насельніцтва пагражае эканоміцы. Затое колькасць уладальнікаў хатніх жывёл імкліва расце.
— Народзіце дзіця, і я дазволю вам вырасціць яшчэ аднаго гадаванца. Котка, сабака. Нарадзі дваіх, і я дазволю табе ўсынавіць яшчэ дваіх, — кажа Гоў. Хоць у Тайвані не патрэбны дазвол, каб завесці хатняга гадаванца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.