Праз новы варыянт расце захворвальнасць на COVID. Што варта пра гэта ведаць
Беларускія дактары падчас кавіду / RFE/RL
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) яшчэ ў маі абвясціла пра канец пандэміі COVID-19, але сам вірус, здаецца, навін не чытае і не спяшаецца сыходзіць. Наадварот, з'яўляюцца новыя мутацыі і варыянты. Хоць колькасць зафіксаваных выпадкаў вельмі нізкая, гэта можна растлумачыць не толькі тым, што найгоршае ўжо мінула (і так можа быць), але і тым, што тэставанне на COVID-19 цяпер практычна не праводзіцца.
Але нядаўна з'явіўся новы варыянт каранавіруса — EG.5. Ён "нашчадак" сумнавядомага штаму "амікрон" і ўжо зарэгістраваны больш чым у 50 краінах свету.
СААЗ нядаўна заявіла, што гэты варыянт "ўяўляе цікавасць" — то-бок за ім уважліва сочаць. А колькасць новых выпадкаў захворванняў праз яго ўжо расце ў некаторых краінах. Расказваем падрабязней.
Што за варыянт?
EG.5 — менавіта варыянт, а не новы штам: так, у яго досыць шмат мутацый, але на новы статус іх не хапае. Таму шмат у чым ён падобны да свайго "бацькі" — "амікрона". Нагадаем, што гэта заразны штам, які хутка распаўсюджваецца і пры гэтым у цэлым менш небяспечны для жыцця і здароўя.
Варыянт у замежных СМІ часам называюць "Эрыс" ("Eris"). Але гэта мянушка, а не афіцыйнае "імя".
Дзе і як распаўсюджваецца "Эрыс"?
Калі глядзець звесткі ЗША, дзе варыянт ужо пераважае сярод заражаных, то колькасць шпіталізацыі апошнім часам вырасла на 40% у параўнанні з чэрвеньскімі мінімумамі. Добрая навіна: нават нягледзячы на рост, колькасць шпіталізацый на 90% ніжэйшая за пікавыя ўзроўні "амікрона" за студзень 2022-га. У параўнанні ж з першымі варыянтамі, якія ў 2020-м паралізавалі сістэмы аховы здароўя па ўсім свеце, гэта зусім, лічы, нішто.
Рост колькасці новых выпадкаў фіксуецца і ў Вялікабрытаніі: за апошні тыдзень колькасць станоўчых тэстаў у Англіі вырасла на 23,8%, ва Уэльсе — на 23%. Рост ёсць таксама ў Італіі, Карэі і шэрагу іншых краін. Як і з папярэднімі варыянтамі, межы не спыняюць "Эрыс", таму дабрацца ён можа і да Беларусі.
Якія сімптомы ў новага варыянту COVID-19?
Клінічных даследаванняў новага варыянту пакуль няма, аднак у інтэрв'ю NBC навуковец з Універсітэта Агаё (ЗША) сказаў, што яны наўрад ці прыкметна адрозніваюцца ад сімптомаў іншых варыянтаў і штамаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.