У ЕАЭС адмянілі мытныя пошліны на ўвоз электрамабіляў
Мытныя пошліны на ўвоз электрамабіляў у краіны Еўразійскага эканамічнага саюза адмененыя да 31 жніўня 2017 года. Адпаведнае рашэнне, якое раней прыняў савет Еўразійскай эканамічнай камісіі, набыло моц з 2 верасня. Мэта рашэння — падтрымаць рынак электрамабіляў у краінах ЕАЭС, куды уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія.
Стаўка мыта на легкавыя электрамабілі зніжаецца з 17% да 0%, а на грузавыя з поўнай масай да 5 тонаў — з 15% да 5%. Рашэнне не датычыць аўтамабіляў з гібрыдным рухавіком і “плагін-гібрыдных” аўтамабіляў, перадае БелаПАН.
У Еўразійскай эканамічнай камісіі адзначаюць, што рынак электрамабіляў у краінах ЕАЭС пакуль яшчэ адчувальны да цаны. З 1 лютага 2014 года па 31 снежня 2015 года ўжо дзейнічала нулявая стаўка ўвазной пошліны. Летась у краіны ЕАЭС ўвезлі 684 электрамабілі з ЗША, Кітаю і Японіі, а сёлета, калі пошліны выраслі — толькі 28.
Зніжэнне пошлін на электрамабілі павінна прастымуляваць выкарыстанне экалагічнага транспарту на тэрыторыі інтэграцыйнага аб’яднання.