У Ерэване дэманстрантаў, якія штурмавалі дом ураду, разганялі спецсродкамі

Спроба прарыву ва ўрадавы будынак ў Ерэване

Спроба прарыву ва ўрадавы будынак ў Ерэване / t.me/newsarmenia/

У Ерэване дэманстрантаў, якія спрабавалі ўварвацца ў будынак ураду, разганялі спецсродкамі. Паліцыя выкарыстоўвала святлошумавыя гранаты. Ёсць параненыя. Перад гэтым пратэстоўцы закідвалі паліцэйскіх бутэлькамі.

Шматтысячная акцыя пратэсту ў Ерэване праходзіць з нагоды пачатку правядзення Азербайджанам так званай "антытэрарыстычнай аперацыі" ў Карабаху. Падраздзяленні непрызнанай рэспублікі вядуць баі з азербайджанскім войскам. У Карабаху кажуць пра 25 загінулых (з іх — 2 грамадзянскіх) і 138 параненых (з іх — 29 мірных грамадзян). У гэты час прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што Арменія не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Пратэстоўцы ж патрабуюць ад уладаў Арменіі аказаць дапамогу Карабаху. Яны выказваюцца за адстаўку Пашыняна (яго называюць "здраднікам").

У аўторак пратэстоўцы ў Ерэване блакавалі падыходы да пасольства РФ у Арменіі. Увечары іх частка сышла ў бок урадавага будынка, дзе адбываліся сутыкненні. Пратэстоўцаў там пасля першага няўдалага штурму менш не стала.

Улады Азербайджана гатовыя весці перамовы з уладамі непрызнанай рэспублікі толькі ў выпадку раззбраення яе арміі (пасля капітуляцыі). Пасяджэнне Савета Бяспекі ААН па сітуацыі ў Карабаху запланавана на 21 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі