У Ерэване затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў антырасійскай акцыі пратэсту

У Ерэване паліцыя затрымала дзясяткі дэманстрантаў, якія сабраліся на цырымонію запальвання свечак у памяць пра сям'ю Авецісянаў, забітай у Гюмры.

Позна ўвечары ў чацвер на плошчы Свабоды ў Ерэване сабраліся сотні чалавек, перадае ВВС. Там пачаўся спантанны мітынг салідарнасці з пратэстоўцамі ў Гюмры. Ён скончыўся сутычкамі паміж паліцэйскімі і ўдзельнікамі акцыі ды затрыманнямі. Паліцыянты кажуць, што група людзей сярод пратэстоўцаў кідала камяні ды іншыя прадметы ў супрацоўнікаў паліцыі, што і прывяло да затрыманняў.

Аналагічная акцыя прайшла ў Гюмры, другім па велічыні горадзе Арменіі. Менавіта там на тэрыторыі мясцовай расійскай вайсковай базы знаходзіцца салдат Валерый Пермякоў, якога падазраюць у забойстве сям'і з шасці чалавек, у тым ліку двухгадовай дзяўчынкі.

Забойства сям'і Авецісянаў адбылося ў панядзелак. Як паведамляе Reuters са спасылкай на паліцыю Арменіі, Пермякоў прызнаўся ў гэтым групавым забойстве.

Пратэстоўцы патрабуюць, каб Пермякова судзілі менавіта ў Арменіі, а не ў Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі