У Еўропе — какаінавая эпідэмія, у Капітоліі — зноў шум — #ІхНоравы
Наш чарговы агляд міжнародных навін
Пакуль Ілан Маск невядома што вырабляе з Твітарам (які цяпер “Х”), яго “Тэслы” хутка саступяць кітайскім электрамабілям. А краіны Балтыі высвятляюць, хто займаецца дыверсіямі і шкодзіць камунікацыям. Пра гэта і іншае — у нашым кароткім аглядзе міжнародных навін.
Еўропа прызнае паразу ў барацьбе з какаінам
У 2021 годзе ў ЕС канфіскавалі рэкордныя 303 тоны какаіну — гэта ў пяць разоў больш, чым дзесяць гадоў таму. Але можна толькі ўявіць, колькі прайшло міма мытні і паліцыі.
— Тое, што мы насамрэч бачым, — цытуе The Guardian Ларан Ланьель з Еўрапейскага цэнтра маніторынгу наркотыкаў і наркаманіі (EMCDDA), — гэта скаардынаваная, працяглая спроба затапіць Еўропу какаінам. Рынак пашыраецца, і ён не паказвае ніякіх прыкмет запаволення.
Какаін вязуць морам у кантэйнерах сярод бананаў, замарожаных крэветак, кансерваванай садавіны і трысняговага цукру. Праз галоўныя парты Еўропы наркотык і трапляе на кантынент. Антверпэн у Бельгіі, Ратэрдам у Нідэрландах, Гаўр у Францыі — у гэтых партовых гарадах заўважаюць рэзкі рост гвалтоўных злачынстваў: заказных забойстваў, выбухаў, перастрэлак і карупцыі, якая закранае як чыноўнікаў і палітыкаў, так і судовую сістэму.
І што рабіць з гэтым, так і незразумела. Эксперты прызнаюць, што мытня і паліцыя прайграюць бітву з кантрабандай наркотыкаў.
Кангрэс у ЗША зноў захапілі пратэстоўцы
Гэтым разам яны праніклі ў Кэнан-хаўс — найстарэйшы офісны будынак Кангрэса ў Вашынгтоне. Дэманстранты патрабавалі спыніць ваенныя дзеянні ў Газе. Паліцыя папярэдзіла пратэстоўцаў, што такія акцыі ў памяшканнях Кангрэса забароненыя, і пачала затрымліваць іх, калі яны не адрэагавалі. Траіх цяпер падазраюць у нападзе на афіцэраў.
Падводны кабель паміж Швецыяй і Эстоніяй нехта пашкодзіў
Пра гэта паведаміла Швецыя. На цяперашні момант незразумела, што сталася. Але ўлады каралеўства мяркуюць, што гэта магло стацца ў той жа час, калі быў пашкоджаны тэлекамунікацыйны кабель між Фінляндыяй і Эстоніяй. А гэты інцыдэнт расследуецца як дыверсія. Гэтак жа, як і пашкоджанне газаправода ў Эстонію на мінулым тыдні.
У Балтыйскім моры ў сувязі з гэтым пацярпелыя дзяржавы павысілі пільнасць.
У Tesla, аказваецца, ёсць моцны кітайскі канкурэнт
Электрамабілям Tesla наступае на пяткі, а дакладней, ужо міргае ў люстэркі задняга віду, кітайскі супернік, піша ВВС. Гэта кампанія BYD, або Build Your Dreams — “Строй свае мары”. Яе акцыі падскочылі пасля таго, як кампанія заявіла, што чакае росту прыбыткаў у трэцім квартале больш чым удвая ў параўнанні з мінулым годам. Такім чынам, BYD апярэджвае Tesla паводле квартальнай вытворчасці і займае другое месца пасля амерыканскага вытворцы аўтамабіляў паводле сусветных продажаў.
Гэта таксама паказчык таго, як хутка развіваецца кітайская аўтамабільная прамысловасць. Кітай ужо абганяе Японію і займае месца найбуйнейшага аўтаэкспарцёра ў свеце. У той жа час Кітаю рана расслабляцца, бо адносіны Пекіна што са Злучанымі штатамі, што з Еўрасаюзам не тое каб занадта прыязныя. А гэта — асноўныя рынкі.
BYD пачынаў з вытворчасці акумулятараў, у тым ліку для смартфонаў, электронікі і ноўтбукаў — яны былі таннейшымі, чым японскія. Выканаўчы дырэктар Ван Чуаньфу паходзіць з беднай фермерскай сям’і і застаўся ў дзяцінстве сіратой разам з братам і сястрой — а цяпер яго багацце складае 18,7 млрд долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.