У фінале конкурсу Cover King прагучыць пяць версій “Чырвонай ружы”
Знакаміты хіт “Песняроў” быў абраны з нагоды 45-годдзя калектыву і каб “разбавіць” англамоўны рэпертуар удзельнікаў.
Фіналісты трэцяга сезона конкурсу кавер-бэндаў Cover King выканаюць свае версіі “песняроўскай” песні “Чырвоная ружа”. Такую задачу паставілі стваральнікі конкурсу, бо “для сваіх выступаў музыкі часцей за ўсё робяць стаўку на англамоўны матэрыял”. Але на думку менеджара конкурсу, вядомага бубнача Святаслава Чарнуха, гэта няправільна, бо выкананне беларускіх песень для кавершчыкаў не менш важнае.
За галоўны прыз (больш за 3 тысячы долараў) у фінале пазмагаюцца баранавіцкі гурт Pay Day ды мінскія калектывы "Endorfin & Чья-то девушка", Pechen’ki, Detroit і Fortissimo.
Агулам у трэцім сезоне ўзялі ўдзел 24 гурты. Канкурэнцыя была настолькі вялікай, што нягледзячы на вялікі сцэнічны досвед і першапачатковыя прагнозы, у фінал не трапіў лідар “Крамы” Ігар Варашкевіч са сваім кавер-праектам Los Bulbas.
У склад журы конкурсу ўваходзяць прадстаўнікі дзесяці найбуйнейшых мінскіх event-агенцый, вядомыя музыкі і журналісты. Але не менш важным з’яўляецца галасаванне гледачоў.
Фінал пройдзе 10 чэрвеня ў клубе Coyote.
Квіткі на танцпляц каштуюць 100 тыс., за столік – 150 тыс. рублёў.
Афіцыйны сайт праекта — www.coverking.pro, Афіцыйная старонка VK.