Ігар Варашкевіч возьме ўдзел у конкурсе Cover King-2014

25 сакавіка стартуе трэці сезон конкурсу кавер-бэндаў "Cover King-2014". Традыцыйна ён будзе праходзіць у клубе Coyote кожны аўторак. Але сёлета прэмія будзе кампактнай і значна мацнейшай за папярэднія, запэўнівае арт-дырэктар клуба Зміцер Дзмітрыеў. Колькасць канкурсантаў паменшылася да 24 каманд, а значыць, для перамогі ў праекце гурту давядзецца толькі тройчы перамагчы на канцэртах.

“Таксама сёлета мы вырашылі звесці працадаўцаў і музыкаў, — працягвае распавядаць пра новаўвядзенні Зміцер. — Таму партнёрамі прэміі сталі дзесяць івэнт-агенцтваў краіны. Іх прадстаўнікі будуць знаходзіцца ў журы. Апроч таго, у журы будуць прафесійныя крытыкі ды музыкі. На кожным канцэрце па 4-5 прадстаўнікоў ад прафесіяналаў і ад агенцтваў. Прычым, каб выправіць памылкі мінулых гадоў, колькасць балаў у журы і ў гледачоў будзе аднолькавая. То бок матэматычна гэта выглядае так: 100 гледачоў прыйшло, значыць у журы 100 балаў”.

Арганізатары Святаслаў Чарнуха і Зміцер Дзмітрыеў (справа)

 

Чвэрцьфіналісты адбіраліся праз дасланы відэаматэрыял удзельнікамі “прафесійнай часткі” журы. У іх спіс патрапіў і кавер-праект Ігара Варашкевіча Los Bulbas.

“Гэта не я вырашаў, а наш гітарыст Андрэй Краўцэвіч, якому я аддаў усе кіраўнічыя абавязкі, — тлумачыць рашэнне ўдзельнічаць у кавер-конкурсе лідар гурта “Крама”. — Але мы ж працуем у якасці кавер-бэнда, дык чаму б і не пазмагацца за прыз? Тым больш, нягледзячы на пэўныя рэпертуарныя супадзенні з іншымі гуртамі, у нас нічога кабацкага ўвогуле няма. Усе нашы выступы, у прынцыпе, паўнавартасныя канцэрты. На тэлевізійны конкурс кавершчыкаў я б не пайшоў нават калі б мяне запрасілі. Маё з’яўленне на беларускіх тэлеэкранах непажаданае і непатрэбнае, у першую чаргу, для самога мяне. А тут… чаму б і не паўдзельнічаць”.

Прызавы фонд конкурсу складзе 3000 долараў, а таксама шэраг прызоў ад кампаній, якія гандлююць музычнай апаратурай і інструментамі.

Мінулагоднія пераможцы, гурт “Яnkey”, дарэчы, патраціў выйграныя грошы на развіццё калектыву. І асноўным вынікам удзелу ў "Cover King-2013" для іх стаў запіс аўтарскага сінгла, які выйшаў днямі на афіцыйным сайце гурта, ды хуткае выданне дэбютнага альбома.

“Перамога ў такім глабальным конкурсе, а было сапраўды вельмі шмат гуртоў, дае адчуванне, што ты ўсё робіш правільна, — узгадвае лідар “ЯnkeyЯн Жэнчак. — То бок, мы зразумелі, што мы нядрэнны кавер-бэнд і цяпер гэтая ўпэўненасць дае нам сілы дзейнічаць ужо са сваім матэрыялам і пісаць новую музыку. Асноўная карысць для нас была менавіта ў гэтым, чаго жадаю дасягнуць усім сёлетнім удзельнікам”.

Вядучы прэміі Аляксандр Памідораў

 

А вось фіналісты "Cover King-2013", двойчы ўладальнікі івент-прэміі “Чырвоная морква” ў намінацыі “Кавер-бэнд”, гурт No Comment, сёлета вырашылі на конкурс не заяўляцца. Маўляў, стаміліся ад усяго гэтага, надышоў час нешта мяняць.

“Ёсць жаданне адыйсці ад кавер-справаў, — прызнаецца лідар калектыву Алег “Лімон”, які забег у Coyote па ўласных справах і выпадкова трапіў на лёсаванне "Cover King". — Не ведаю, наколькі нас яшчэ хопіць, таму варта пачынаць працаваць над аўтарскай праграмай. Хоць гэта і магчыма сумяшчаць, але мы пакінем месца для маладых”.

Лёсаванне, размяркоўвае па днях мінулагодні пераможца Ян Жэнчак

 

У выніку лёсавання гурты ўдзельнікі размеркаваліся такім чынам:

  • 25 сакавіка: Sun Road 21, OK-Band, Jazz Sity Band, Over Play.
  • 1 красавіка: Koffee machine, Greenlandia, Cocktail, Los Bulbas.
  • 8 красавіка: Second Page, All Raght Mama, Pay Day, Pechen’ki.
  • 15 красавіка: Bulba Fusion, Vista, DeTroit, Antistress Dance.
  • 22 красавіка: Fortissimo, Indigo, “Endorfin & Чья-то Девушка”, Peppers.
  • 29 красавіка: Cover Duck, “Харди-Гарди”, Gingers, Deja Vu.

Падрабязней на сайце праекта "Cover Kings-2014".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі